НЁМАНСКІЯ ШКЛОЗАВО́ДЫ.
Першы шклозавод засн. ў 1883 у маёнтку Заенчыцы Лідскага пав. Віленскай губ. (цяпер урочышча Устронь Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл., за 6 км ад г. Бярозаўка Лідскага р-на). Уладальнік памешчык З.А.Ленскі. Існаваў да 1898 (з 1891 як фірма «Краеўскі—Столле»). У 1897 меў лакамабіль, ручны прэс, шліфавальню; працавала 164 рабочыя. Вырабляў шкляны сталовы посуд, лямпавае і аптэкарскае шкло, прадметы раскошы. У 1895 В.А.Краеўскі і Ю.А.Столле пабудавалі «Новую гуту» за 4 км ад «Старой гуты» ва ўрочышчы Малодзіна Лідскага пав. (цяпер г. Бярозаўка). У 1897 «Новая гута» мела 3 шклоплавільныя печы, 2 паравыя машыны, 2 шліфавальні, 20 прэсаў, працавала 636 чалавек. У 1898 Краеўскі і Столле набылі гуту, пабудаваную ў 1894—95 каля пас. Бярозаўка Лідскага пав. (цяпер г. Бярозаўка), якая стала гал. прадпрыемствам кампаніі «Краеўскі і Столле» і наз. «Хрусталёвая ф-ка Нёман-А», «Новая гута» наз. «Хрусталёвая ф-ка Нёман-Б»; «Старая гута» ліквідавана. З 1905 уладальнік фірмы Столле. Паводле прэйскуранта, выдадзенага фірмай у 1911, ф-кі выраблялі 1828 узораў шклавырабаў, у т. л. сталовыя сервізы, шклянкі, чаркі, бакалы, фужэры, чашкі, сподачкі, талеркі, краманкі, вазы, падсвечнікі, туалетныя флаконы і інш. У 1914 наладжана вытв-сць ізалятараў для рас. арміі. У 1-ю сусв. вайну хрусталёвыя ф-кі спалены. Каштоўнае абсталяванне перавезена на шклозавод фірмы ў Ганцавічах. У 1921 адноўлены і працуюць як шклозавод «Нёман».
т. 11, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)